Малітвы да святых і благаслаўлёных
Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.
У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.
Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!»
Праслаўлены святы Юзэфе, прыклад для ўсіх працуючых, выпрасі для мяне ласку, каб працаваў я ў духу пакаяння, прагнучы перапрасіць за шматлікія мае грахі; каб працаваў сумленна з пачуццём абавязку, а не для свайго задавальнення; каб працаваў з радасцю і ўдзячнасцю Богу і ганарыўся тым, што магу жыць і развіваць праз працу дары, атрыманыя ад Бога; каб працаваў годна, спакойна, па меры сваіх сіл і з цярплівасцю, не адступаючы перад стомаю альбо цяжкасцямі; каб працаваў перадусім у добрай інтэнцыі, забываючы пра сябе, пастаянна памятаючы пра тое, што ў момант смерці я павінен буду адказаць за страчаны час, за змарнаваныя таленты, за занядбанне добрага, за пустую ганарыстасць у час поспеху, што так шкодзіць у Божых справах.
Усё для Езуса, усё праз Марыю, усё па твайму прыкладу, о святы ойча Юзэфе. Няхай гэтыя словы будуць маім дэвізам на працягу жыцця і ў хвіліну смерці.
Святы Юда Тадэвуш, мой магутны абаронца і апякуне, у сваіх клопатах і цярпеннях аддаюся тваёй цудоўнай апецы.
Я ўдзячны табе за ўсе ласкі, якія ты для мяне выпрасіў. Прашу, і надалей дапамагай мне ў працы, суцяшай у смутку, беражы ад спакусаў. Будзь маёю сілаю ў цяжкасцях, аховаю ў небяспецы.
Учыні, каб я прачынаўся з Богам і з Богам ішоў на спачынак. Дзень за днём вядзі мяне штораз бліжэй да Сэрца Езуса, каб адпачыў я ў Ім пасля працы і жыццёвых змаганняў, каб замест эгаізму, пыхі і абыякавасці ў маім сэрцы запанавалі любоў, ахвярнасць і пакора.
Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усемагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу), аб якой з надзеяй малю.
Святы Юда Тадэвуш, сваяк Езуса Хрыста, Пана нашага, вялікі апостал і мучанік, славуты дабрадзейнасцямі і цудамі! Ты — магутны заступнік у цяжкіх сітуацыях і безнадзейных справах.
Звяртаюся да цябе з пакораю і даверам, з глыбіні душы просячы аб тваёй дапамозе перад Богам.
О святы мой апякуне, якому Пан Бог даў прывілею ратаваць у тых выпадках, калі ўжо няма надзеі на дапамогу, зірні на мяне ласкава! Жыццё маё поўнае пакутаў і суму; дзень за днём праходзіць яно ў душэўным прыгнёце, а сэрца маё напоўнілася горыччу. Мае жыццёвыя дарогі вядуць праз пакуты, і рэдкі дзень мінае без клопату і слёз. Розум мой агорнуты цемраю; неспакой, заняпад духу і нават роспач урываюцца ў душу так, што я амаль забываю пра Божы Провід.
О святы мой апякуне! Ты не можаш пакінуць мяне ў роспачы. Я не адыду ад ног тваіх, пакуль ты не выслухаеш мяне. Паспяшайся мне на паратунак, і я буду дзякаваць табе ўсё сваё жыццё, павялічваючы тваю славу.
Прымі, святы Юда Тадэвуш, удзячную малітву таго, хто знайшоў у цябе дапамогу і літасць. Ведаю, што менавіта тваё заступніцтва выпрасіла для мяне ў Пана Бога палёгку ў цяжкай сітуацыі. Праслаўляю імя тваё і буду дзякаваць табе да канца свайго жыцця.
Божа, наш Ойча, Ты напоўніў святога Бэнэдыкта духам Твайго Сына і ўчыніў яго слаўным настаўнікам евангельскай дасканаласці. Дапамажы нам, каб мы, ушаноўваючы яго поўны бляску пераход на неба, імкнуліся да вяршыняў любові і хвалы. Божа, Ты ўдзяліў святому Бэнэдыкту ўсялякія ласкі ў хвіліну смерці, просім Цябе, учыні, каб ён сваім заступніцтвам абараняў нас ад пастак сатаны.
Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус нарадзілася 2 студзеня 1873 г. на поўначы Францыі. Уступіла ў ордэн сясцёр кармэлітанак, маючы няпоўных 15 гадоў. Пражыўшы няшмат гадоў у ордэне, памерла 30 верасня 1897 г. Сваім жыццём яна паказала, як у звычайнай штодзённасці можна быць святою. Папа Пій ХІ у 1951 г. абвясціў яе заступніцай Расіі, а папа Ян Павел ІІ у 1997 г. надаў ёй тытул доктара Касцёла. Касцёл ушаноўвае яе як апякунку місій. Пане, Ты сказаў: калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Дай нам, просім Цябе, так наследаваць пакору і шчырасць святой Тэрэзы, панны, каб мы заслужылі вечную ўзнагароду. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Св. Піо з П’етрэльчыны, святар ордэна Братоў Меншых Капуцынаў, нарадзіўся 25 мая 1887 г. у паўднёвай Італіі. У 1903 г. паступіў у навіцыят айцоў капуцынаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1910 г. З 1916 г. да канца жыцця спаўняў святарскую паслугу ў Сан-Джавані-Ратонда. 20 верасня 1918 г. айцец Піо атрымаў дар стыгматаў на руках, нагах і падрабер’і. Айцец Піо быў чалавекам гераічнай веры і няспыннай малітвы. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця ён цярпеў вялікія пакуты, ахвяруючы іх Богу за грахі людзей. Памёр у святасці 23 верасня 1968 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго ў 1999 г., а 16 чэрвеня 2002 г. абвясціў святым.
Усемагутны вечны Божа, Ты святога айца Піо адарыў ласкаю асаблівым чынам падзяляць муку Твайго Сына на крыжы і праз яго служэнне здзейсніў новыя цудоўныя справы Тваёй міласэрнасці. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб, няспынна ўдзельнічаючы ў цярпенні Хрыста, мы былі шчасліва прыведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага.
Святы N. (імя), імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне, тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам дапамагаў мне ва ўсялякіх патрэбах маіх, ратаваў ад зла і выпрасіў для мяне ласку вернага наследавання тваіх цнотаў. Учыні, мой дарагі апякуне, каб я захаваў вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці.
Малітвы да святых і благаслаўлёных
Redemptor.by