Парафія Святога Юзефа ў Навінках

Святая Імша адбываецца у кожную нядзелю а 13-ай гадзіне па адрасу г. Мінск вул. Бягомльская 21.

У Мінску арцыбіскуп Станеўскі пасвяціў часовую капліцу ў новай мінскай парафіі
Пасля фэсту ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, які прайшоў 4 і 5 ліпеня ў Будславе, на наступны дзень у беларускай сталіцы пачала дзейнічаць парафія святога Абранніка Багародзіцы.
У 14-ю звычайную нядзелю 6 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў першую святую Імшу ў парафіі святога Юзафа ў Навінках, душпастырам якой з’яўляецца айцец Станіслаў Станеўскі CSsR, святар, шмат каму вядомы як духоўны кіраўнік пэрэгрынацыі па Беларусі копій Марыйных абразоў. Разам з імі цэлебраваў Эўхарыстыю ксёндз канонік Юрый Ясевіч.
Парафія была зарэгістравана яшчэ ў далёкім 2001 годзе, аднак толькі пасля перарэгістрацыі 26 чэрвеня бягучага года распачала душпастырскую дзейнасць. І вось зараз у арэндаваным пакоі прыватнага дома па вуліцы Бягомльскай 21 сабраліся, пакуль яшчэ невялікай супольнасцю, навінкаўскія вернікі.
Напачатку Імшы Мітрапаліт асвяціў памяшканне часовай капліцы разам з фігуркай заступніка парафіі святога Юзафа, каб, як сказаў іерарх, «тут прысутнічаў Дух Божы, дух малітвы, дух радасці і еднасці».
«У нас з’явілася новае месца, дзе перамяняецца сэрца і гучыць слова Божае. Мы тут можам прымаць сакрамэнты і атрымліваць Божыя ласкі. Пакуль што месца невялікае, але з часам мы верым, што будзе пабудавана велічная святыня»,
— упэўненыя ў гэтым, з надзеяй казалі маладыя вернікі.

Разважаючы над словамі Святога Пісання, арцыпастыр звярнуў увагу на вучняў Хрыста, якіх Ён паслаў «…ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці…», каб неслі «спакой гэтаму дому…» з наказам «аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: наблізілася да вас Валадарства Божае» (Лк 10, 1–9). Тым самым ён параўнаў вернікаў парафіі, якія ў гэты дзень удзельніалі ў набажэнстве, з апосталамі Хрыста, каб і яны таксама на месцах сваёй працы, вучобы, у сям’і былі Яго сведкамі, дзяліліся словам Евангелля, дзейнічалі адпаведна свайму сумленню — абавязкова з Езусам, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём.
«Гэта вы — апосталы сённяшняга дня»,
— дадаў арцыбіскуп Станеўскі.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ад ўсіх вернікаў падзякаваў Мітрапаліту за благаслаўленне капліцы. «Нашай малітвай і надалей будзем асвячаць гэтае месца на хвалу Божую», — запэўніў святар.
Іерарх пажадаў, каб ў Год надзеі, які цяпер перажывае Касцёл, «мы самі мелі надзею, упэўнена крочылі наперад — і тады ўсё атрымаецца». Каб у Навінкі ехалі з радасцю, «бо тут прысутнічае Бог, бо тут Езус Хрыстус — лекар душ і сэрц людскіх — робіць вялікія справы».
Парафія святога Юзафа знаходзіцца па адрасе: г. Мінск (мікрараён Навінкі), вул. Бягомльская 21 (2 паверх). Даехаць да парафіяльнай капліцы можна на грамадскім транспарце: аўтобусам №18 і 62Э – прыпынак «Бальніца “Навінкі”». Святая Імша тут будзе адбывацца кожную нядзелю ў 13:00. Падрабязная інфармацыя пра дзейнасць парафіі святога Юзафа часова будзе размяшчацца на сайце парафіі святога Лукі Евангеліста і святога Марціна Турскага:

https://swlukaminsk.by
Made on
Tilda